• Беларуская мова
  • Русский

Версия для слабовидящих

ФПБ і Мінпрацы абмеркавалі праблемныя пытанні ў стварэнні бяспечных умоў на працоўных месцах

Сумесны рэспубліканскі семінар-нарада Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны па пытаннях захавання заканадаўства аб ахове працы прайшоў у нацыянальным прафцэнтры.

ФПБ і Мінпрацы абмеркавалі праблемныя пытанні

Да ўдзелу былі запрошаны галоўныя тэхнічныя інспектары працы і прафсаюзныя інспектары па ахове працы з усіх галін і ўсіх раёнаў, прадстаўнікі галіновых, абласных, Мінскага гарадскога, раённых аб’яднанняў прафсаюзаў, Мінпрацы, Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, камітэтаў па працы аблвыканкамаў. У цэлым – звыш 300 чалавек.

Адкрылі мерапрыемства старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда і міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

– Мы вызначылі менавіта такі сумесны фармат працы, паколькі ахова працы, прафілактыка вытворчага траўматызму, стварэнне бяспечных умоў працы – гэта наша адзіная і агульная зона адказнасці, – звярнуўся да прысутных Міхаіл Орда.

Лідэр нацыянальнага прафцэнтра падкрэсліў: праблема вытворчага траўматызму па-ранейшаму застаецца актуальнай. Толькі за мінулы год на працоўных месцах у выніку няшчасных выпадкаў загінулі 132 чалавекі (столькі ж і ў 2021 годзе). Яшчэ больш за 1700 атрымалі цяжкія траўмы.

ФПБ і Мінпрацы абмеркавалі праблемныя пытанні

– Гэта не проста лічбы. За гэтым стаяць жыцці людзей. Гэта дзеці, якія засталіся без бацькі ці маці. Гэта людзі, якія страцілі магчымасць працаваць і ўтрымліваць сябе і сваю сям’ю, – акцэнтаваў увагу старшыня Федэрацыі прафсаюзаў. – Не кажучы ўжо пра тое, што гэта значныя выдаткі – для людзей, для прадпрыемстваў і для краіны ў цэлым. Напрыклад, толькі за мінулы год у адпаведнасці з калектыўнымі дамовамі выплаты прадпрыемстваў пацярпелым у выніку вытворчага траўматызму склалі больш за 3 млн рублёў. Гэта акрамя таго, што выплачваецца па абавязковым страхаванні.

Міхаіл Орда засяродзіў увагу на тым, што траўматызм і няшчасныя выпадкі на вытворчасці, на жаль, звычайныя з’явы для многіх прадпрыемстваў. Справа абсалютна не ў выпадковасці, як спрабуюць гэта часам растлумачыць, а справа ў заканамернасці: якраз на гэтых прадпрыемствах, дзе адзначаецца высокі ўзровень траўматызму, стаўленне да тэхнікі бяспекі і аховы працы, па сутнасці, стала абсалютна фармальным.

– Калі казаць пра добры досвед працы на месцах, то ў краіне ёсць каля 400 прадпрыемстваў рэальнага сектара, прычым дастаткова буйных, дзе за апошнія гады не было зафіксавана няшчасных выпадкаў. Гэта значыць, па сутнасці, там ужо рэалізавана канцэпцыя “нулявога траўматызму”, – адзначыў лідэр нацыянальнага прафцэнтра.

У сферы аховы працы не можа быць раздзялення на істотныя і неістотныя нормы, звярнуў увагу Міхаіл Орда.

– На кожным прадпрыемстве, у кожнай арганізацыі працу трэба выбудаваць такім чынам, каб кожны разумеў: адказнасць за невыкананне любога патрабавання па бяспецы будзе непазбежнай і вельмі сур’ёзнай. Сёння, як я ўжо зазначыў, такі падыход ёсць далёка не на ўсіх прадпрыемствах. І наймальнікі, і самі работнікі проста не зважаюць нават на відавочныя парушэнні. З іншага боку, неабходна таксама матываваць і заахвочваць тых, хто адказна ставіцца да пытанняў аховы працы. У тым ліку, і матэрыяльна. Практыка паказвае, што такі падыход таксама дае добры эфект, – адзначыў старшыня ФПБ.

Ірына Касцевіч падтрымала гэтую прапанову.

– Трэба напрацоўваць некалькі мер для таго, каб сапраўды матываваць чалавека надзець каску і выкарыстоўваць іншыя інструменты і механізмы для таго, каб захаваць сябе, – адзначыла міністр працы і сацыяльнай абароны.

ФПБ і Мінпрацы абмеркавалі праблемныя пытанні

Яна таксама зрабіла акцэнт на важнасці сістэмнага падыходу ў арганізацыі працы па ахове працы. І, каб рэалізаваць пастаўленую задачу, неабходны “саюз трох”. Зацікаўлены тры бакі: у асобе дзяржавы – Мінпрацы, як рэгулятар. Прафсаюзы – у частцы тэхнічнага кантролю. І наймальнікі, бо менавіта яны ствараюць працоўныя месцы.

Яшчэ да пачатку абмеркавання ў нацыянальным прафцэнтры ўдзельнікі семінара-нарады на практыцы азнаёміліся з найлепшымі напрацоўкамі ў сферы аховы працы. Дэлегацыі з розных абласцей пабывалі на прадпрыемствах, дзе ёсць добры вопыт па арганізацыі работы грамадскіх інспектараў працы, забеспячэнні медыцынскага кантролю за станам здароўя работнікаў з мэтай папярэджання няшчасных выпадкаў і прафзахворванняў, па рэалізацыі канцэпцыі “нулявога траўматызму”. Азнаёміліся з тым, як пастаўлена гэта работа на ААТ “МТЗ”, Мінскім заводзе халадзільнікаў ЗАТ “Атлант”, ААТ “МАЗ”, ААТ “МАПІД”, ААТ “ІНТЭГРАЛ” і ААТ “Мінскі электратэхнічны завод ім. В. І. Казлова.

ФПБ і Мінпрацы абмеркавалі праблемныя пытанні

У прыватнасці, на Мінскім трактарным заводзе выбраны 565 грамадскіх інспектараў па ахове працы і сфарміравана 56 цэхавых грамадскіх камісій па ахове працы. На прадпрыемстве для іх распрацавана спецыяльная праграма навучання.

Удзельнікі семінара-нарады таксама абмеркавалі пытанні ўдасканалення заканадаўства, агітацыйнай работы, узмацнення ўзаемадзеяння розных ведамстваў у сферы аховы працы і іншыя важнейшыя напрамкі сумеснай дзейнасці.

 

Крыніца: 1prof.by.