ФПБ: “Работнік не павінен губляць пенсію з-за таго, што наймальнік не выконвае свае абавязкі”
Такую думку агучылі ў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, каменціруючы распрацоўку праекта Указа “Аб забеспячэнні правоў работнікаў пры неплацежаздольнасці арганізацыі”.
“Прафсаюзы на сталай аснове праводзяць маніторынг своечасовасці і паўнаты выплаты заработнай платы. І мы бачым, што сярод тых арганізацый, дзе ёсць праблемы з выплатай заработнай платы, ёсць і тыя, якія знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі ці банкруцтва. Колькасць такіх арганізацый паступова зніжаецца, але ўсё ж гэтая актуальная праблема для людзей. Калі казаць аб практыцы за апошнія некалькі гадоў, то, напрыклад, у 2022 годзе каля 200 ліквідаваных праз банкруцтва арганізацый мелі запазычанасць перад работнікамі. У асноўным, гэта прыватныя арганізацыі з невялікай колькасцю працаўнікоў, – распавялі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў. – Мы аналізавалі досвед па рашэнні гэтай праблемы ў іншых дзяржавах. І на аснове гэтага прапанавалі стварыць спецыяльны страхавы фонд, які б пагашаў запазычанасць па заработнай плаце работнікам арганізацый-банкрутаў. Урадам наша прапанова падтрымана і на сённяшні дзень ужо распрацаваны адпаведны праект Указа Кіраўніка Дзяржавы.”
Праектам дакумента прадугледжана ўвядзенне абавязковага страхавання адказнасці наймальнікаў ад нявыплаты заработнай платы пры банкруцтве арганізацый. За кошт салідарна назапашаных страхавых узносаў прапануецца выплачваць работнікам арганізацый-банкрутаў запазычанасць па заработнай плаце ў памеры трохмесячнага заработку.
Паколькі часта арганізацыі-банкруты, якія не выплачваюць заработную плату, не адлічваюць таксама і ўзносы ў ФСАН, праектам дакумента таксама прадугледжана, што будзе пагашацца і запазычанасць па абавязковых страхавых узносах на пенсіённае забеспячэнне. У будучыні гэта дазволіць грамадзянам не страціць частку свайго страхавога стажу і, адпаведна, разлічваць на пенсію ў справядлівым памеры, нават калі арганізацыя-банкрут не пералічыць за іх унёскі ў ФСАН.
“Разам з тым, на сённяшні дзень прапанаваны праект указа не вырашае пытанне са страхавым стажам у работнікаў тых арганізацый, якія на сёння ўжо ліквідаваны, але ў свой час не выплачвалі за сваіх работнікаў узносы ў ФСАН, – падкрэслілі ў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. – У выніку людзі апынуліся ў сітуацыі, калі не па сваёй віне страцілі частку страхавога стажу, ад якога залежыць памер пенсіі. У кагосьці гэта некалькі месяцаў, а недзе і больш значныя перыяды. Прычым часам людзі даведваюцца, што ім не хапае страхавога стажу для налічэння працоўнай пенсіі ўжо непасрэдна перад выхадам на заслужаны адпачынак. Мы лічым, што гэта несправядліва. Работнік не павінен губляць пенсію з-за таго, што наймальнік не выканаў свае абавязкі па выплаце ўзносаў у ФСЗС, тым больш што з заробку гэтых работнікаў у любым выпадку быў утрыманы 1%.”
У сувязі з гэтым ФПБ прапануе распрацаваць дадатковы механізм, які дасць магчымасць залічыць у страхавы стаж перыяды работы грамадзян у неплацежаздольнага наймальніка ў мінулыя гады.
Крыніца: 1prof.by