Міхаіл Орда: Адна з асноўных задач прафсаюзаў – не дапусціць нявыплаты заработнай платы
20 снежня 2022 г. у Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў стартаваў VII пленум Савета ФПБ. Пасяджэнне адкрыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда.
Трэба адзначыць, што прафсаюзы пастаянна манітораць узровень заработнай платы ў краіне і прымаюць меры па недапушчэнні яго зніжэння. У прыватнасці, вядзецца работа па павелічэнню ўдзельнай вагі тарыфнай часткі, у тым ліку шляхам уключэння такіх палажэнняў у калектыўныя дагаворы арганізацый. Такія нормы ўжо змяшчаюцца ў калдагаворах шэрагу арганізацый. У ААТ «Купалінка», напрыклад, за кастрычнік тарыфная частка зарплаты ў агульнай яе структуры склала 50%, а ў ЗАТ «Калінка» – 65,7%.
У цэлым намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата ў рэспубліцы ў студзені-кастрычніку гэтага года склала 1601 рубель, у тым ліку ў кастрычніку – 1636,4 рубля. Тэмп росту да студзеня-кастрычніка 2021 года дасягнуў 113,2 працэнта.
Што датычыцца ўзроўня зарплаты работнікаў бюджэтных арганізацый, то за студзень-верасень суадносіны намінальнай налічанай сярэднямесячнай зарплаты работнікаў бюджэтных арганізацый да яе ўзроўню па рэспубліцы склалі 78,3 працэнта. Аднак у асобных катэгорый работнікаў яно па-ранейшаму недапушчальна нізкае. У сферах творчасці, спорту, забавы і адпачынку – 71,3%, у адукацыі – 69,1%.
Між тым, паводле Генеральнага пагаднення, такія суадносіны павінны падтрымлівацца на ўзроўні не ніжэйшым за 80%. На лістападаўскім пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях ФПБ указала на неабходнасць прыняцця больш дзейсных мер па павышэнню ўзроўня заработнай платы асобных катэгорый работнікаў бюджэтных арганізацый, і ў прыватнасці сферы культуры.
Міхаіл Орда падкрэсліў, што на асаблівым кантролі прафсаюзаў – пытанне своечасовага разліку з работнікамі.
Па выніках маніторынгу ў студзені-лістападзе прафсаюзамі выяўлена звыш 500 фактаў парушэння наймальнікамі ўстаноўленых тэрмінаў разлікаў з работнікамі, выдадзена больш за 330 рэкамендацый па іх ліквідацыі.
– Такія сітуацыі, калі людзям не выплачваюць заработную плату, мы павінны бачыць наперад. Райком, абкам, рэспубліканскі камітэт павінны ведаць аб тым, што адбываецца ў працоўных калектывах і, калі ёсць рызыка нявыплаты зарплаты, тут жа падключацца, выязджаць на месца, разбірацца і, самае галоўнае, знаходзіць рашэнне ў інтарэсах людзей, – акцэнтаваў увагу лідэр нацыянальнага прафцэнтра.
Разам з тым трэба адзначыць тэндэнцыю да зніжэння колькасці арганізацый, у якіх фіксуюцца выпадкі несвоечасовых разлікаў з работнікамі. Калі ў чэрвені прафсаюзы выявілі 72 такія прадпрыемствы, то ў лістападзе пратэрмінаваная запазычанасць па зарплаце дапушчаная ў 35 арганізацыях.