Прафсаюзы больш за дзесятак краін аб’ядноўваюцца ў супрацьстаянні калектыўнаму Захаду
Нацыянальныя прафцэнтры Беларусі, Егіпта і Сірыі, а таксама Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў арабскіх дзяржаў, якая аб’ядноўвае 18 краін, па выніках перагавораў у штаб-кватэры ФПБ прынялі прынцыповае рашэнне аб аб’яднанні намаганняў і сумеснай рабоце на міжнароднай арэне.
У час перагавораў усе ўдзельнікі дакладна пазначылі агульную пазіцыю: сёння міжнародны прафсаюзны рух вельмі палітызаваны. У выніку, пад ціскам заходніх краін, ЗША, замест прафсаюзнай салідарнасці, падтрымкі і вырашэння праблем працоўных, уводзяцца бар’еры і абмежаванні, прымаюцца рашэнні, якія наўпрост шкодзяць людзям. Таму, як падкрэсліў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, тыя прафсаюзы, якія дзейнічаюць у інтарэсах людзей, павінны аб’ядноўвацца, ствараць цэнтры сілы, якія будуць супрацьстаяць такім несправядлівым і незаконным дзеянням. Размова ідзе аб фарміраванні агульнага парадку дня сумеснай работы на міжнародных пляцоўках.
– Мы будзем адстойваць інтарэсы нашых людзей, народаў і дзяржаў. Будзем садзейнічаць развіццю і пашырэнню кантактаў паміж нашымі прадпрыемствамі і арганізацыямі, якія могуць абмяняцца і сваім вопытам, і тэхналогіямі, каб менш залежаць ад недружалюбных краін, – удакладніў лідэр нацыянальнага прафцэнтра Беларусі.
Міхаіл Орда таксама дадаў, што бакі маюць намер у тым ліку прадоўжыць узаемадзеянне ў гуманітарных і культурных сферах, паколькі гэта стварае трывалую аснову для супрацоўніцтва дзяржаў.
У сваю чаргу старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Егіпта назваў сустрэчу ў штаб-кватэры ФПБ гістарычнай.
– Мы абмеркавалі кансалідацыю намаганняў і канкрэтныя дзеянні, каб супрацьстаяць атакам Захаду, – падкрэсліў Махамед Абдэль Азіс Джэбран Абдэльхалім.
Прафсаюзны лідэр Егіпта адзначыў высокае эканамічнае развіццё Беларусі і дасягнутыя, нягледзячы на знешнепалітычныя перашкоды, поспехі нашай дзяржавы. Ён асабліва падкрэсліў высокі ўзровень сацыяльна-эканамічнай абароны працаўнікоў.
Са свайго боку генеральны сакратар Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў арабскіх дзяржаў Джаміль Кадры нагадаў, што Сірыя зараз таксама знаходзіцца пад санкцыямі. Ён падкрэсліў, што ў час свайго візіту ў Беларусь ён на свае вочы ўбачыў тую сітуацыю, якая складваецца ў краіне.
– Відавочна, што ў дачыненні да Беларусі ў свеце распаўсюджваюцца фэйкавыя навіны, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Я магу пацвердзіць, што калектыўны Захад спрабуе навязаць свае жаданні для дасягнення ўласных інтарэсаў. Лёсы людзей яго не цікавяць, – адзначыў Джаміль Кадры.
Прадстаўнікі прафсаюзнага руху арабскіх дзяржаў у час візіту наведалі шэраг прадпрыемстваў і арганізацый аховы здароўя, адукацыі, энергетыкі, нафтахімічнай галіны і высока ацанілі ўнікальны вопыт сацыяльнага партнёрства ў нашай краіне.
У ходзе перагавораў у штаб-кватэры ФПБ былі таксама дасягнуты дамоўленасці, накіраваныя на развіццё інтэграцыі паміж прадпрыемствамі. Для гэтага, у прыватнасці, плануецца правядзенне ў Беларусі сумеснага форуму з удзелам прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Міжнародную канфедэрацыю прафсаюзаў арабскіх дзяржаў і Усеагульную канфедэрацыю прафсаюзаў, якая аб’ядноўвае працоўных краін СНД.
Адзначым, што прафсаюзы Беларусі актыўна ўзаемадзейнічаюць з калегамі з арабскіх дзяржаў не першы год. Напрыклад, толькі з галіновымі прафсаюзамі Егіпта падпісана звыш дзясятка пагадненняў аб супрацоўніцтве ў самых розных сферах – ад адукацыі, аховы здароўя і культуры да прамысловага, нафтахімічнага і аграрнага сектараў дзвюх краін.
Кожны з гэтых дакументаў прадугледжвае канкрэтныя кірункі ўзаемадзеяння. Напрыклад, у рэальным сектары эканомікі калегі з дзвюх краін не толькі абменьваюцца вопытам па абароне інтарэсаў працоўных, але і накіраваны на прасоўванне найноўшых тэхналогій і кааперацыю вытворчасцей. У адукацыі размова ідзе аб садзейнічанні ва ўстанаўленні ўзаемных студэнцкіх абменаў, сумесных навучальных праграм. Супрацоўнічаюць нацыянальныя прафцэнтры і ў рамках папулярызацыі культурных, гуманітарных ініцыятыў.
Крыніца: 1prof.by.