Знаёмства з ракой Ілія.
6 чэрвеня з нагоды нядаўна адзначанага Дня абароны дзяцей першасная прафсаюзная арганізацыя прадпрыемства арганізавала тур выхаднога дня. Асновай тура стаў сплаў на байдарках па рацэ Ілія.

Рака Ілія — выдатны варыянт для байдарачнага паходу. Яна працякае па Вілейскім і Лагойскім раёнах Мінскай вобласці, упадае ў паўднёвы заліў Вілейскага вадасховішча і мае працягласць 62 км. Складанасць маршруту ацэньваецца як вельмі нізкая (2 з 10), таму спецыяльны вопыт звычайна не патрабуецца, хоць добрая фізічная падрыхтоўка будзе дарэчы. Цячэнне ракі спакойнае і павольнае, а рэчышча надзвычай звілістае («пятля на пятлі»), што надае маршруту дынамічнасці. Падчас сплаву можна ўбачыць высокія хваёвыя берагі і поймавыя лугі. Галоўнай «разыначкай» маршруту стаў рачны мост над каналам Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.
