Супрацоўнікі дзяржаўнага прадпрыемства «Гардарбуд» наведалі Міёрскі раён
14.10.2023 года адбылася турыстычная паездка ў Міёрскі раён Віцебскай вобласці ў рамках эка-тура “Міёры, ландшафтны заказнік “Ельня”, вадаспад на рацэ Вята”.
Падарожжа пачалося з наведвання экалагічнай сцежкі “Азяраўкі”, абсталяванай на тэрыторыі рэспубліканскага ланшафтнага заказніка “Ельня”. Экасцежка мае насціл па балоце на працягу 1,5 км і прыводзіць да возера. «Азяраўкі» з’яўляецца самай доўгай і самай шырокай (1,5 м) экасцежкай у краіне.
Балота Ельня – помнік далёкай ледніковай эпохі і адзін са старэйшых аб’ектаў Беларусі. У сувязі з тым, што ўздзеянне чалавека на балота было мінімальным, тут захаваліся ўнікальныя віды раслін і жывёл, а таксама сфарміраваліся буйныя тарфяныя паклады.
Ельня мае маляўнічы выгляд, дзякуючы шматлікім азёрам, якія чаргуюцца з невялікімі мінеральнымі астравамі, пакрытымі лесам і ствараюць непаўторны мазаічны ландшафт дадзенай тэрыторыі.
Наступным пунктам прызначэння з’яўляўся раённы цэнтр Мёры. Тут сваёй веліччу на фоне звычайных дамоў вылучаецца Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Касцёл узведзены з чырвонай цэглы ў неагатычным стылі. Храм уяўляе сабой трохнефную базіліку з дзвюма вежамі і пяціграннай апсідай; над уваходам у храм размясцілася акно-ружа, а яшчэ вышэй – ліхтар.
Высокія вежы, якія размешчаны па баках ад галоўнага фасада і ўвянчаны шпілямі, накіраваныя ў неба. Стральчатыя аконныя праёмы і нішы на сценах узмацняюць эфект лёгкасці будынка. Касцёл мае дакладную форму, і ствараецца эфект быццам храм парыць над зямлёй.
Фінальнай кропкай падарожжа стаў рукатворны вадаспад на рацэ Вята, размешчаны недалёка ад вёскі Пруднікі.
У першую чаргу, вылучаюцца рэшткі маляўнічых руін, якія атачаюць рэчышча ракі, – у 19 стагоддзі на дадзеным месцы размяшчаўся млын. Вадаспад з’явіўся дзякуючы гідраэлектрастанцыі, якая існавала тут у мінулым стагоддзі і забяспечвала электрычнасцю мясцовую кардонную фабрыку, найбліжэйшыя вёскі, у тым ліку Міёры. Для паляпшэння эфектыўнасці работы электрастанцыі было вырашана пабудаваць на рэчышчы ракі каменную сцяну вышынёй больш за два метры, якая цяпер ператварылася ў турыстычную славутасць.
Супрацоўнікі прадпрыемства пакідалі Міёрскі раён з вялікім багажом прыгожых фатаграфій і прыемных эмоцый.