Прафсаюзы будуць актыўна ўдзельнічаць у будучай электаральнай кампаніі
Такое рашэнне было сёння аднагалосна прынята Прэзідыумам Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
– Гэта наш абавязак і нашы інтарэсы. Ад выбараў залежыць, якім будзе састаў органаў заканадаўчай улады. Мы будзем падтрымліваць кандыдатаў, праграма якіх падобная да пазіцыі прафсаюзаў. Гэта развіццё вытворчасці, павелічэнне колькасці працоўных месцаў, павышэнне зарплаты і дабрабыту нашых людзей. Гэта найважнейшыя пытанні, якія ёсць у нашай прафсаюзнай рабоце, – расказаў лідэр нацыянальнага прафцэнтра Міхаіл Орда.
Старшыня ФПБ зазначыў, што праграмы такіх кандыдатаў будуць абмяркоўвацца ў працоўных калектывах. Для гэтага будзе выкарыстаны досвед арганізацыі пляцовак для дыялогу, на якіх абмяркоўваліся змены і дадаткі ў Канстытуцыю.
– Такая форма работы цікавая і вельмі важная, – падкрэсліў Міхаіл Орда. – Яна дазваляе абмеркаваць любыя пытанні, запрасіць экспертаў і кандыдатаў, якія хочуць выступіць перад працоўнымі калектывамі.
Яшчэ адной формай удзелу ФПБ у выбарчым працэсе, паводле слоў Міхаіла Орды, стане нацыянальнае назіранне за выбарамі. Гэтую працу прафсаюзы будуць ладзіць сумесна з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі і партыямі. Будзе забяспечана падрыхтоўка і навучанне наглядальнікаў, каб яны маглі прафесійна выконваць свае абавязкі.
– Мы ўсе жадаем, каб мы жылі лепш, каб мы жылі мірна. І ад таго, як будуць сфарміраваны нашы органы ўлады, наша заканадаўчая ўлада, залежыць вельмі шмат, залежыць якасць законаў, залежыць вырашэнне пытанняў людзей на месцах. Таму, калі нехта думае і ў кагосьці ёсць пазіцыя «гэта не маё», «мая хата з краю» – дык нічога не пабудуеш. Калі мы хочам далей будаваць наш беларускі дом, нашу сям’ю і жадаем жыць больш камфортна, то кожны павінен прыйсці на выбары і аддаць свой голас за таго, каго лічыць дастойным, – рэзюмаваў Міхаіл Орда.