Юрый Сянько і Наталля Качанава абмеркавалі ўдасканаленне заканадаўства аб працы і працу з моладдзю
12 лістапада ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адбылася сустрэча старшыні верхняй палаты парламента Наталлі Качанавай і старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрыя Сянько.
Адным з ключавых пытанняў на парадку дня стала абмеркаванне далейшага ўдасканалення працоўнага заканадаўства. Старшыня ФПБ Юрый Сянько канстатаваў, што прафсаюзы на пастаяннай аснове ўдзельнічаюць у распрацоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў, уносяць свае заўвагі і прапановы. Як правіла, ініцыятывы нацыянальнага прафцэнтра падтрымліваюцца заканадаўцамі.
– Усе нашы прапановы ідуць ад жыцця – ад працоўных калектываў, нашых членаў прафсаюза. Адно з актуальных пытанняў на сёння – стварэнне на заканадаўчым узроўні дадатковых умоў для пашырэння практыкі заключэння калектыўных дагавораў, – адзначыў Юрый Сянько.
Паводле яго слоў, сёння ў краіне заключана каля 18 тысяч такіх лакальных дакументаў.
– Дзякуючы гэтаму работнікі прадпрыемстваў і арганізацый гарантавана атрымліваюць дадатковыя водпускі, выплаты, падтрымку ў розных сітуацыях. Разам з тым у сваёй працы мы бачым выпадкі, калі наймальнікі адмаўляюцца ад заключэння калектыўнай дамовы ці зацягваюць перамовы па іх заключэнні. Пры гэтым, так, перыядычна работнікам робяць нейкія выплаты, прэміі. Але гэта эпізадычная, неабавязковая падтрымка, – удакладніў старшыня ФПБ.
Юрый Сянько падкрэсліў: калі заключана калектыўная дамова, усё, што ў ёй прапісана, работнікі атрымаюць стопрацэнтна.
– Мы бачым, што сёння ў шэрагу краін ЕАЭС ёсць практыка, калі на заканадаўчым узроўні замацаваны тэрмін, на працягу якога павінен быць падпісаны калектыўны дагавор – 3 ці 6 месяцаў. Мы мяркуем, што такую норму неабходна ўнесці і ў наша заканадаўства. Гэта адназначна пойдзе на карысць людзям, працоўным калектывам, павысіць узровень гарантый для чалавека працы, – перакананы прафсаюзны лідэр.
Таксама падчас працоўнай сустрэчы бакі абмеркавалі практыку працы з моладдзю. Па словах Юрыя Сянько, прафсаюзы надаюць асаблівую ўвагу пытанням сацыяльнай падтрымкі маладых людзей. Яны карыстаюцца дадатковымі гарантыямі, якія прапісаны ў пагадненнях і калектыўных дагаворах. А каб таленавітая моладзь магла раскрываць свой патэнцыял, яе падтрымліваюць праз рэалізацыю розных праектаў.
Напрыклад, штогод ФПБ прызначае стыпендыі навучэнцам і студэнтам, якія сумяшчаюць добрыя паказчыкі ў вучобе і актыўную грамадзянскую пазіцыю. На пастаяннай аснове праводзіцца работа па навучанні прафсаюзнага маладзёжнага актыву. Толькі за апошнія гады больш за 6 тысяч маладых людзей павысілі свае кампетэнцыі на навучальных курсах. Нараўне з прафсаюзнымі тэмамі хлопцы апускаліся ў пытанні грамадска-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і грамадзянска-патрыятычнага выхавання.