Заключана генеральнае пагадненне паміж урадам, прафсаюзамі і наймальнікамі на 2025-2027 гг.
Цырымонія падпісання адбылася ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў перад пачаткам працы Х з’езда ФПБ.
Подпісы пад дакументам паставілі намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Віктар Каранкевіч, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько і старшыня Саюза некамерцыйных арганізацый “Канфедэрацыя прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (наймальнікаў)” Анатоль Харлап.
Нагадаем, Генеральнае пагадненне – гэта дакумент, дзе вызначаны абавязацельствы ўрада, рэспубліканскіх аб’яднанняў наймальнікаў і прафсаюзаў па важнейшых пытаннях: занятасць, аплата працы, сацыяльныя гарантыі. Дакумент – аснова для тарыфных і мясцовых пагадненняў, а таксама калектыўных дагавораў.
Падпісанае сёння пагадненне на 2025-2027 гг. стала ўжо 17-м па ліку. Практыка заключэння трохбаковых пагадненняў была закладзена яшчэ ў 1991 годзе. У новым дакуменце традыцыйна захаваны раней дасягнуты прагрэс у такіх сферах, як сацыяльная абарона работнікаў, працоўныя гарантыі, ільготы, развіццё рынку працы і садзейнічанне занятасці, ахова працы.
Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько адзначыў, што на працягу мінулага года бакамі сацыяльнага партнёрства вялася актыўная работа па падрыхтоўцы праекта новага Генеральнага пагаднення – важнейшага дакумента ў сацыяльна-працоўнай сферы, які непасрэдна закранае інтарэсы ўсіх грамадзян краіны.
– Нам удалося дасягнуць кампрамісу па шэрагу спрэчных пытанняў і сфарміраваць у выніковым дакуменце ўзгодненыя пазіцыі па асноўных напрамках рэгулявання сацыяльна-працоўных адносін, – падкрэсліў ён. – Для нас важна, што бакі падтрымалі многія прафсаюзныя ініцыятывы, і ў дакуменце ўдалося захаваць вельмі адчувальныя для насельніцтва палажэнні ў частцы забеспячэння дастойнага ўзроўню зарплаты, пенсій, дапамог, забеспячэння занятасці і прадастаўлення сацыяльных гарантый.
Старшыня ФПБ звярнуў увагу, што ў Генеральным пагадненні захаваны раней дасягнутыя дамоўленасці аб падтрыманні суадносін зарплаты работнікаў бюджэтных арганізацый і зарплаты ў цэлым па краіне.
– Па прапанове прафсаюзаў у 2 разы павялічаны мінімальны памер тарыфнай стаўкі 1-га разраду. Падтрымана прапанова прафсаюзаў аб устанаўленні гранічнага тэрміну падпісання бакамі калектыўнай дамовы на працягу 3 месяцаў з дня ўступлення ў перамовы, – працягнуў Юры Сянько.
Лідэр нацыянальнага прафцэнтра падкрэсліў, што ў дакуменце рэалізаваны і навацыі, накіраваныя на стымуляванне замацоўванасці работнікаў на працоўных месцах, падтрымку моладзі, работнікаў з сямейнымі абавязкамі, а таксама дасягнуўшых агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту і жадаючых прадоўжыць сваю працоўную дзейнасць.
– Новыя нормы ў Генеральным пагадненні адпавядаюць запытам грамадства ў сучасных умовах. Гэта дазволіць нам рухацца наперад і вырашаць пытанні ў доўгатэрміновай перспектыве, – рэзюмаваў Юрый Сянько.
Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Віктар Каранкевіч адзначыў, што Генеральнае пагадненне – гэта асноўны дакумент, які вызначае ключавыя прынцыпы рэгулявання адносін у сацыяльна-працоўнай сферы і забяспечвае гарантыі працоўным у самых важных пытаннях.
– Закладзеныя ў Генеральным пагадненні нормы цесна ўвязаны з паказчыкамі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку і ствараюць умовы для рэалізацыі абазначаных кіраўніком дзяржавы асноўных напрамкаў развіцця краіны, – падкрэсліў ён. – У няпростых сацыяльна-эканамічных умовах прадугледжваецца не толькі захаванне дасягнутага за папярэднія гады ўзроўню сацыяльных гарантый, але і далейшае пашырэнне адраснай сацыяльнай дапамогі.
Старшыня Саюза некамерцыйных арганізацый “Канфедэрацыя прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (наймальнікаў)” Анатоль Харлап звярнуў увагу, што заключэнне Генеральнага пагаднення – гэта чарговы этап прадаўжэння сацыяльнага партнёрства, якое за мінулы пяцігадовы перыяд ажыццяўлялася на аснове канструктыўнага дыялога прафсаюзаў, улады і наймальнікаў.
– Усе нашы дамоўленасці нацэлены на тое, каб забяспечыць рух наперад. Цяпер перад намі стаяць не менш важныя задачы: забяспечыць эканамічны рост, нягледзячы на знешнія выклікі, і выстаяць у жорсткай канкурэнтнай барацьбе. Дабіцца вынікаў можна толькі сумеснымі намаганнямі, – падкрэсліў ён.
Крыніца: 1prof.by.