ВЕДАЕМ БЕЛАРУСЬ: супрацоўнікі прадпрыемства наведалі экскурсійны тур «Экскурсія на сыраварню і бровар + Гальшаны і Крэва»
24.02.2024 года супрацоўнікі прадпрыемства разам са сваімі дзецьмі правялі дзень у рамках экскурсійнага турыстычнага падарожжа «Экскурсія на сыраварню і бровар + Гальшаны і Крэва».
Першым пунктам падарожжа стаў аграгарадок Крэва, размешчаны ў Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці. У Крэве, які некалі з’яўляўся адной з найважнейшых рэзідэнцый Вялікіх князёў Літоўскіх, размешчаны знакаміты замак, у якім у 1385 годзе была заключана Крэўская унія.
У 1387 годзе у гэтым месцы быў заснаваны адзін з першых каталіцкіх храмаў у краіне. На яго месцы зараз стаіць касцёл Праабражэння Гасподняга.
У наш час вядуцца работы па аднаўленні Крэўскага замка з руін.
Наступным пунктам стаў Гальшанскі замак.
У другой палове XVI ст. Гальшаны перайшлі ва ўладанне да буйнога магнацкага роду Сапег, пры якім мястэчка дасягнула свайго росквіту.
Гальшанскі замак быў узведзены Паўлам Стэфанам Сапегам у першай палове 17 стагоддзя. Кампазіцыйна ён уяўляе сабой прамавугольны будынак. Жылыя карпусы са стройнымі шасціграннымі вежамі на кутах утваралі замкнёны квадратны двор. Аснову абароны Гальшанскага замка складалі магутныя земляныя валы і вадзяныя равы, што акружалі замак. Насупраць уезду, на супрацьлеглым баку двара, размяшчалася невялікая капліца, убудаваная ў жылы корпус.
Вонкава фасад Гальшанскага замка падобны да галандскіх замкаў, што сведчыць пра моцны ўплыў галандска-фламандскай архітэктуры. У замку налічвалася мноства пакояў і вялікая квадратная зала з чатырма калонамі. Сцены ўпрыгожвалі фрэскі і ляпніна. Уздоўж сцен размяшчаліся партрэты роду Сапегаў, а таксама жывапіс і зброя. Вітражныя вокны выходзілі на ўнутраны двор, у пакоях былі раскошная мэбля, залатыя і бронзавыя падсвечнікі. Асобай каштоўнасцю замка вылучалася вялікая бібліятэка. Акрамя таго, у замку існавала сістэма ацяплення, а таксама былі разгалінаваныя падземныя хады.
Памяшканні першага паверха Гальшанскага замка найперш былі гаспадарчага прызначэння, таксама на першым паверсе размяшчаліся пакоі для слуг і служэбнікаў.
Аўтэнтычная столя першага яруса Паўночнай вежы падкрэслена суворая, гатычныя нервюры захавалі заканчэнні ў выглядзе галоў баранаў. Камін гэтага пакоя мае строгія формы, просты дэкор і адлюстроўвае службовае прызначэнне.
Пісьмовыя крыніцы, якія вядомы на сённяшні дзень, нешматлікія і ў недастатковай ступені асвятляюць гісторыю помніка. Пра этапы будаўніцтва замка, яго і архітэктуру і побыт насельнікаў можна распавесці толькі дзякуючы матэрыялам археалагічных раскопак.
Археалагічнае даследванне замка было праведзена ў 1981-1983 гг. пад кіраўніцтвам I. Чарняўскага. Падчас раскопак былі знойдзены фрагменты кафлі, шкляных і металічных вырабаў, храналагічны дыяпазон знойдзеных рэчаў аўтарам вызначаны як XIV – XVIII стст.
У 2013 г. над наглядам I. Ганецкай былі расчышчаны памяшканні паўночна-заходняга, паўночна-усходняга корпуса, паўднёвай вежы, археологамі праведзена ачыстка сутарэнняў і першага яруса паўночнай вежы. Сярод знаходак прысутнічаюць керамічны посуд, пячная кафля, плітка паллогі, дахоўка і шкляныя вырабы, Найбольш раннія артэфакты датуюцца XVI ст„ найбольш познія – XX ст.
Керамічны посуд, які знойдзены падчас археалагічных раскопак, прадстаўляе ўсе этапы гісторыі замка.
Асартымент непаліванага посуду небагаты: гаршкі, макотры, міскі XVI – XVII ст.
Сярод паліванай керамікі пераважаюць фрагменты посуду, характэрныя для беларускіх гарадоў і замкаў XVII – XVIII стст. Кухонны посуд прадстаўлены макотрамі, рынкамі (пасудзіна на трох ножках для смажання), гаршчкамі; сталовы – міскамі і талеркамі. У XVIII ст. у замку з’яўляецца дымленая кераміка. Гэтым жа перыядам датуюцца фрагменты рэйнскай керамікі.
Па меркаванні многіх даследчыкаў, цэгла ў Гальшанскім замку была мясцовай вытворчасці.
Сцены і вежы будынка былі выкладзены з буйнапамернай цэглы-пальчаткі і камянёў.
Важным элементам інтэр’ера з’яўлялася подлога. Мудрагелістыя арнаменты замкавай подлогі выкладаліся з тэракотавых і паліваных зоркамі крыжападобных, прамавугольных плітак.
Керамічная дахоўка уяўляла сабой адзін з самых моцных, вогнетрывалых і даўгавечных матэрыялаў. Асноўная частка дахоўкі Гальшанскага замка была пляскатай.
У замку Сапег мелася шмат разнастайных па прызначэнню памяшканняў, у якіх знаходзіліся маляўніча аздобленыя кафляныя печы, абкладзеныя паліхромнай і манахромнай кафляй. Знойдзеныя подчас археалагічных даследаванняў замка фрагменты кафлі ўвайшлі ў навуковую літаратуру як «гальшанская кафля».
3 першай паловы XVII ст. выраблялася геральдычная паліхромная кафля, заказчыкам якой выступаў гаспадар замка Павел Стэфан Сапега. Кафля ў Гальшанах выпускалася не толькі для патрэб уладальнікаў замка, але і выкарыстоўвалася для кладкі печаў у кляштары францысканцаў, дамах багатых местачкоўцаў.
На другім паверсе замкавага комплекса размяшчаліся жылыя пакоі гаспадароў замка, жылыя пакоі для гасцей, рэпрэзентацыйныя залы.
Галоўнай дамінантай залы другого яруса Паўночнай вежы з’яўляецца гіпатэтычная рэканструкцыя каміна, якая дазваляе нам уявіць камін такім, якім ён мог быць у эпоху Сапегаў. Камін выкананы з адмысловай тынкоўкі вышэйшага гатунка – стука, штучнага мармура; на ім акрамя расліннага аздаблення, геральдычны дэкор роду Сапегаў. Пасярэдзіне гербавы дэвіз «CRUX МІНІ FOEDERIS ARCUS» (Мой крыж – мой запавет нашчадкам), прадстаўніка роду Сапегаў Адама Стэфана Сапегі, біскупа і арцыбіскупа Кракава, кардзінала (1867–1951гг.).
З правага боку ад рэканструкцыі графічная выява каміна ў тым выглядзе, якім ён дайшоў да нас на фотаздымках 1930–50 гадоў.
Уражвае роспіс на столі, асноўная яго частка выканана ў графічным шэра-чорным варыянце, важным элементам з’яўляецца зандаж, які перадае роспіс у колеры.
Адбівае яго зандаж на падлозе, які выкладзены аўтэнтычнай пліткай, зорка- і крыжападобнай формы, што была знойдзеная падчас археалагічных даследванняў на замку.
У вежы пасяліліся вобразы заснавальніка замка Паўла Стэфана Сапегі і белорускай князёўны Соф’і Гальшанскай.
Павел Стэфан Сапега (1565–1635гг.) у 1580 г. становіцца пакаёвым дваранінам караля Стэфана Баторыя, а пасля ўступлення на прастол Жыгімонта III ён ужо з’яўляўся гаспадарскім прыдворным, у 1593 г. – канюшым ВКЛ. У розны час быў старастам цельшаўскім, гомельскім, ашмянскім. У 1623 г. ён атрымаў пасаду падканцлера Вялікага Княства ЛІтоўскага.
Пасля смерці Паўла Стэфана Сапегі яго ўладанні перайшлі пляменнікам Казіміру і Тамашу Сапегам – ваяводы навагрудскага і вендэнскага.
Тамаш Сапега прымаў актыўны ўдзел у ваенным і палітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага. У 1640 г. быў абраны маршалкам Галоўнага трыбуналу. Пахаваны ў касцёлё Святога Яна Хрысціцеля ў Гальшанах.
Апошнім уладальнікам Гальшан з роду Сапег быў Ян Фрэдэрык Сапега, вызначыўся як дзяржаўны дзеяч і пісьменнік Рэчы Паспалітай. Ён вядомы як староста берасцейскі і прапойскі, кашталян мінскі і трокскі, канцлер Вялікага княства Літоўскага.
У выніку разбурэнняў замка на працягу XVIII–XX стст. да нас дайшлі руіны паўночна-ўсходняга, паўночна-заходняга корпуса і паўночная вуглавая вежа.
Трэці ярус Паўночнай вежы адкрывае замак у перспектыве часу: праз інтэрактыўнасць часу і магчымасці сучаснай тэхнікі. З вакон адкрываецца панарама сучасных Гальшанаў.
Узнавіць у памяці старажытныя Гальшаны дапамагае дэкаратыўнае пано, якое размешчана па перыметры памяшкання. На ім размяшчаюцца карты і выявы замка, якія дайшлі да нас дзякуючы вядомым мастакам Наполеону Ордзе, Альбрэхту Адаму і Язэпу Драздовічу.
Прадстаўлены гіпатэтычны макет замка ў разрэзе, дапамагае убачыць жылыя, гаспадарчыя, рэпрэзентатыўныя памяшканні, што існавалі ў тагачасных замках.
У цяперашні час, Гальшанскі замак прыцягвае ўсіх аматараў гісторыі, сярэднявечных таямніц і легенд. Дзякуючы пісьменніку Уладзіміру Караткевічу і яго раману «Чорны замак Альшанскі» існуе рамантычная легенда пра Белую даму і Чорнага манаха, якія блукаюць апоўначы па сярэднявечным замку.
Варта згадаць аб тым, што кожны год пляцоўка каля руін становіцца месцам правядзення фестывалю сярэднявечнай культуры «Гальшанскі замак».
Легенды, павер’і і паданні
На тэрыторыі музея размешчана нямала інфармацыйных стэндаў, якія адносяцца да аб’ектаў вакол. Абмежаванасць часу не дазволіла ўбачыць іх усе. Аднак, прачытаныя легенды і паданні, народжаныя ў дадзенай мясцовасці, вартыя таго, каб распавесці пра іх.
Валун «Нявестін камень» і сямейнае шчасце
Легенда абвяшчае: «Некалі глыбокі роў быў запоўнены вадой. Малады жаніх вырашыў яго пераплысці і патануў. Занепакоеная каханая кінулася за ім і ператварылася ў камень-валун.
Адна жанчына, страціўшы надзею, што не можа мець дзяцей, пасля сваркі з мужам пайшла ў лес, і выпадкова дакрануўшыся да валуна, пачула дабраславенне. Праз 9 месяцаў у сям’і з’явіўся хлопчык…».
«Клад Напалеона»
Згодна з паданнем, у Жупранах ёсць шанец знайсці скарбы Напалеона Банапарта. Існуе легенда, што Напалеон, кінуў у Смаргоні «Вялікае войска» і, накіроўваючыся ў Парыж, прыхаваў багацці ў гэтых месцах падчас свайго адступлення.
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля
Легенда апавядае: «Шмат гадоў таму было вырашана пабудаваць касцёл і кляштар пры ім. Паводле падання, адна са сцен манастыра пры ўзвядзенні ўвесь час разбуралася. І тады муляры вырашылі, што неабходна таемная ахвяра, якой стане тая з жонак будаўнікоў, што першая прынясе мужу абед. Апярэдзіла ўсіх маладая жонка, якая прылятала заўсёды раней за ўсіх на крылах кахання. У той раз дзяўчына паплацілася за гэта жыццём. Юную жонку замуравалі ў манастырскай сцяне. З таго часу па калідорах кляштара стала блукаць непрыкаяная душа маладой жанчыны – Белай Дамы, абаронцы ўсіх пакрыўджаных жанчын».
160 чудес иконы Матери Божьей Борунской
Лічыцца, што цудатворны абраз Маці Божай Барунскай лечыць і суцяшае людскія смуты. Усяго афіцыйна было прызнана 160 цудаў цудатворнай выявы.
Таксама людзі вераць, што вада з крыніцы, якая размешчана пад храмам, дапамагае пазбавіцца ад хвароб.
Прывіды Чорнага манаха і дамы
Легенда гаворыць: «У даўнія часы жыла ў замку прыгожая князёўна Ганна-Гардзіслава Гальшанская. Дзяўчына пакахала простага маладога чалавека, які адказаў ёй узаемнасцю. Але аб таемных сустрэчах стала вядома. Стары князь у гневе загадаў замураваць каханых у падзямеллі замка. З таго часу прывіды Чорнага манаха і дамы блукаюць па начным замку».
Крафтавая сыраварня
Праз пэўны прамежак часу пазнавальная экскурсія перарасла ў гастратур, які пачаўся з крафтавай сыраварні “GrandMilk”.
Тут у працэсе вырабу прымяняюцца традыцыйныя метады сыраварства і афінажу (тэхніка догляду, якая спрыяе паспяванню сыру з правільным густам, пахам і кансістэнцыяй).
У час экскурсіі была паказана непасрэдна вытворчасць, у тым ліку камеры паспявання вытрыманага сыру. Была прадугледжана дэгустацыя сыроў з рознымі тэрмінамі паспявання.
Піваварня
Фінальным пунктам паездкі стала экскурсія ў паб-бровар Viliya Brewery Pub.
Падчас наведвання бровара было шмат расказана і ўдалося пазнаёміцца з этапамі працэсу варэння піва, даведацца пра асаблівасці сыравіны і стылі піва, якія выкарыстоўваюцца.
Варта адзначыць, што падзел экскурсійнага тура на два тэматычныя напрамкі дапамог прыцягнуць больш рознабаковых супрацоўнікаў прадпрыемства і аказаў станоўчы эфект на іх сумеснае баўленне часу.